Праваабаронца Рабкова, якая знаходзіцца ў СІЗА, прызнаная схільнай да экстрэмізму
Праваабаронца Марфа Рабкова, якая знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1, прызнаная схільнай да экстрэмізму і пастаўленая на прафілактычны ўлік, паведамляе spring96.org.
Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года. Першапачаткова яна абвінавачвалася па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках). Затым праваабаронцы выставілі абвінавачанне яшчэ па двух артыкулах КК: ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай неўстаноўленых асоб) і ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. У сакавіку тэрмін утрымання Рабковай пад вартай быў працягнуты да 17 чэрвеня.
Беларускія праваабаронцы прызналі калегу палітзняволенай. У яе абарону выступілі спецыяльныя дакладчыкі ААН.