Праваабаронца Васіль Завадскі каментуе справу Аўтуховіча



Дэманстрацыя па тэлеканалу АНТ двух частак фільму „Траціл пратэсту”, фактычна з абвінавачваннямі грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча і іншых грамадзян у спробе здзейсніць тэракты ў Беларусі – гэта відавочнае парушэнне закону, лічыць праваабаронца, кіраўнік прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Васіль Завадскі:

– У адрозненні ад прадстаўнікоў так званай улады мы не можам рабіць заяў, ніякіх абвінавачванняў. У дадзеным выпадку павінен падкрэсліць, што з майго пункту гледжання ёсць відавочнае парушэнне закону з пункту гледжання парушэння прэзумпцыі невінаватасці. Не адзін раз людзей, якіх паказвалі ў фільмах, былі названыя і тэрарыстамі ды іншымі словамі, то бок па факце абвінавачаны. Зразумела ў якіх умовах мы жывём і ў якіх умовах яны знаходзяцца.

Але гэта толькі адзін са складнікаў, які паказвае шматлікія парушэнні заканадаўства ў адносінах да Мікалая Аўтуховіча і людзей, якія затрыманы разам з ім. Вызываюць сумневы шмат з фактаў, якія там былі паказаны. Але асаблівую грэблівасць выклікаў яўна пастановачны эпізод падрыву пустога аўтобуса, паказаны напрыканцы фільма, кажа Васіль Завадскі.

І з дапамогай такой яўнай маніпуляцыі аўтары фільма спрабуюць прывязаць Аўтуховіча да магчымых чалавечых ахвяр. Хаця з сэнсу і фактаў фільма нельга зразумець, ці маглі ўвогуле быць гэтыя ахвяры. Але вось такімі „прыёмчыкам”, людзей, віна якіх не даказана, без усялякага суда спрабуюць выставіць перад грамадствам небяспечнымі злачынцамі, тэрарыстамі.

Беларускае Радыё Рацыя