Праваабаронца вінавацяць у непадпарадкаванні
Леаніда Судаленку могуць прыцягнуць да адказнасці за інцыдэнт на беларуска-літоўскай мяжы. Праваабаронца атрымаў па пошце замоўленым лістом запрашэнне ў Гомельскую мытню, дзе на яго павінны скласці пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
Леанід Судаленка мяркуе, што сутыкнуўся з пераследам з прычыны ягонай крытыкі беларускай судовай сістэмы:
– Я павінен быць у гомельскай мытні па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Мяне выклікае туды намеснік начальніка аддзелу мытных расследаванняў Багамолаў у якасці асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Тут не пазначаны артыкул, але я ведаю, што гэта артыкул 23-4 «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню дзяржаўнага службоўцы». Гэты артыкул даволі сур’ёзны, ён да 50 базавых адзінак штрафу прадугледжвае, то бок 9 мільёнаў рублёў, ці адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Сёлета 27-га жніўня Леанід Судаленка вяртаўся з працоўнай паездкі на цягніку „Вільня – Менск”. У час перасячэння мяжы супрацоўнікі мытні прапанавалі праваабаронцу выйсці для асабістага надгляду. Леанід Судаленка адмовіўся выканаць гэтае патрабаванне, спаслаўшыся на Мытны кодэкс. У Маладэчне праваабаронцу высадзілі з цягніка з выкарыстаннем сілы.
Беларускае Радыё Рацыя