Праваабаронца „Вясны” Андрэй Палуда пакінуў Беларусь
Праваабаронца “Вясны” и каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда пакінуў Беларусь. У дадзены момант ён знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін.
14 ліпеня, падчас сілавога наступу на НДА, Андрэй Палуда перажыў адразу два ператрусы (дома і на пляцоўцы „Тэрыторыя правоў”), допыт у Следчым камітэце і затрыманне. Праваабаронца правёў 72 гадзіны ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна (Менск) — ён мае статус падазраванага па крымінальнай справе, распачатай у дачыненні да ПЦ “Вясна” — а затым быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Але пасля гэтага ціск на праваабаронцу не спыняўся. Палуду пачалі выклікаць ў Партызанскі РАУС, каб апытаць і скласці пратакол, бо супраць яго распачалі адміністрацыйную вытворчасць. Прычына: Следчы камітэт накіраваў матэрыялы аб непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт. 24.3 КоАП), бо 14 ліпеня Андрэй Палуда падчас допыту па патрабаванні следчага не даў узоры свайго почырку. Праваабаронца вырашыў не ісці на выклік у РАУС, бо санкцыя артыкула 24.3 КоАП прадугледжвае адказнасць у выглядзе адміністрацыйнага арышту.
Пасля вобшукаў і затрыманняў 14 ліпеня так і не былі адпушчаны тры прадстаўнікі ПЦ “Вясна”: старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Усе яны маюць статус падазраваных па крымінальнай справе, заведзенай на “Вясну”, і ўтрымліваюцца ў СІЗА-1. Праваабарончай супольнасцю яны былі прызнаныя палітвязнямі.