Праваабаронца Яўгенія Парашчанка расказала падрабязнасці вобшукаў



Прэс-сакратар Беларускага дома правоў чалавека (БДПЧ) Яўгенія Парашчанка распавяла падрабязнасці вобшукаў, якія прайшлі сёння ў яе кватэры ў Гомелі і ў яе бацькоў.

„Толькі што скончыліся два ператрусы, — напісала яна ў „Фэйсбуку”. — Артыкул 342. Гэта па справе Андрэя Стрыжака — упэўненая на 100000%. Бо пастанову на ператрус даслала ў гомельскі ГУБАЗіК Генеральная пракуратура. А яшчэ следчыя высвятлялі, „ці жыў ваш муж на Савецкай” — збіраліся трусіць і там. Я патлумачыла, што там ён жыў з папярэдняй былой жонкай. Дэ-юрэ я яшчэ жонка Стрыжака, і прозвішча ў мяне Стрыжак па пашпарце”.

Паводле слоў Парашчанкі, пры вобшуку ў яе бацькоў забралі грошы і банкаўскія карткі. „Забралі татавы грошы (ён збіраў на падарунак сабе на 65 гадоў — электронную швейную машынку) і нават карткі, на якія мама і тата атрымліваюць пенсіі. Пакінулі „на жыццё” 55 рублёў, — зазначыла яна. — Другі ператрус быў у кватэры, якую мы раней здымалі разам з Андрэем, а цяпер здымаю я (і дамова на мяне). Забралі, апрача папераў Андрэя, і мае рэчы: канспекты і матэрыялы лекцыяў з тых часоў, калі я вучылася ў БДПЧ у 2016—2017 гадах, напрыклад. Канешне, грошы. І ўсё, дзе была хоць найменшая выява „Пагоні”. Я дома ў бацькоў, мой сыночак тут са мной”.

Вобшук прайшоў таксама ў бацькоў Андрэя Стрыжака, які з’яўляецца сузаснавальнікам фонду BYSOL і ў цяперашні час знаходзіцца за межамі Беларусі.

Вобшукі ў супрацоўнікаў недзяржаўных СМІ і праваабаронцаў пачаліся раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі.

Падчас вобшуку ў офісе БАЖ канфіскаваныя тэхніка, сейф, папка з заявамі на ўступленне ў арганізацыю, некаторыя асобнікі часопіса „Абажур”. Офіс апячатаны. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які прысутнічаў пры вобшуку, не затрыманы. Не затрыманыя таксама яго намеснікі Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, да якіх дадому таксама прыходзілі сілавікі.

Пасля вобшуку ў менскім офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, старшыню арганізацыі Алеся Бяляцкага павезлі дадому для правядзення вобшуку там.

Сілавікі таксама прыходзілі дадому да юрыста Крысціны Рыхтэр (у яе канфіскавалі тэхніку і дакументы, якія тычацца дзейнасці БАЖ), праваабаронцаў Андрэя Палуды (каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”), Наталлі Сацункевіч і Дзмітрыя Салаўёва (яго пасля вобшуку павезлі), да лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза Васіля Завадскага, членаў РЭП Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна, да эксперта па лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні.

У Гомелі вобшукі прайшлі ў журналістаў Анатоля Гатоўчыца і Ларысы Шчыраковай, валанцёраў цэнтра „Вясна” Валерыя Сляпухіна і Іллі Міронава, актывіста руху „За Свабоду” Уладзіміра Кацоры, а таксама ў бацькоў журналіста Яўгена Меркіса.

Вобшукі прайшлі таксама ў Гомельскай вобласці. У Светлагорску сілавікі прыходзілі да праваабаронцы Алены Маслюковай, у Мазыры — да кіраўніка мясцовага аддзялення цэнтра „Вясна” Уладзіміра Целепуна.

У Магілёве ўвагу сілавікоў прыцягнулі праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель, журналіст Аляксандр Буракоў-малодшы.

У Віцебску прайшоў вобшук у бацькоў праваабаронцы Ірыны Траццяковай, у Брэсце — у праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна і валанцёраў „Вясны” Кацярыны Бажко і Ганны Багдановіч.

Вобшукі ў БАЖ, а таксама ў журналістаў і праваабаронцаў у рэгіёнах праводзяцца ў межах расследавання справы на падставе арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведаміў Следчы камітэт. „У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне вобшукаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя. Правядзенне працэсуальных дзеянняў даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС і санкцыянаванае Генеральнай пракуратурай. Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі будзе дадзеная пасля правядзення ўсяго комплексу працэсуальных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.

БелаПАН