Праваабаронца з Баранавіч абскардзіць адмову ў пікеце
19 сакавіка ў Берасцейскім абласным судзе будзе разгледжана касацыйная скарга праваабаронцы з Баранавіч Сяргея Гоўшы. Праваабаронца просіць адмяніць рашэнне суда горада Баранавічы. Суд прызнаў адмову ў пікеце на Міжнародны дзень правоў чалавека Баранавіцкім гарвыканкамам законнай. Прычына адмовы – адсутнасць дамовы з міліцыяй, якую, зыходзячы з Пастановы Савета Міністраў № 207, павінен рабіць сам гарвыканкам, кажа Сяргей Гоўша:
– Наш суд – паднявольны, суд наш – кішэнны. Таму ён стаў на бок выканкама. У мяне няма сумнення, што і абласны суд прыме такое ж рашэнне. Плявалі яны на Канстытуцыю, плявалі яны на закон і асабліва на нас, грамадзян горада!
Паводле Гоўшы, і абласная міліцыя, і аблвыканкам, куды яны звярталіся па урэгуляванні пытання адносна дамовы з міліцыяй, паведамілі, што гарвыканкам зменіць сваё рашэнне. Але прайшоў ужо год, а зменаў ніякіх.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота БелаПАН