Праваабаронца з Узбекістану: Да гэтай справы шмат пытанняў
Тры гады споўнілася з дня, калі быў вынесены смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Маладыя людзі былі прызнаныя вінаватымі ў тэрарызме. Аднак і зараз у грамадства няма цвёрдага адказу, ці перамагла такім чынам справядлівасць? Па меркаванню праваабаронцы і юрыста з Узбекістану, стваральніцы арганізацыі „Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” Тамары Чыкуновай, якая недаўна наведала Менск, Канавалава і Кавалёва нельга было караць смерццю. Тым больш так паспешліва. Прысуд быў вынеснеы 30 лістапада 2011 году і выкананны ўжо ў сакавіку наступнага. Усё гэта не дае знікнуць сумненням наконт справядлівасці пакарання.
– Паспешнасць вынесеных рашэнняў, паспешнасць выканання прысуду – гэта першы момант. Другі момант. Для таго, каб зрабіць такую бомбу, з радыёкіраваннем, трэба мець пэўны запас ведаў. Я не магу пагадзіцца з тым, што людзі, якія не маюць ніякай адпаведнай адукацыі, могуць сканструяваць такую прыладу. Калі я пазнаёмілася са справай, калі яна ўжо была ў публічным доступе, мяне насцярожыла тое, што не было прамых доказаў вінаватасці гэтых двух маладых людзей у здзяйсненні злачынства, толькі па сукупнасці ўскосных доказаў.
Але па прэзумцыі невінаватасці ўсе ўскосныя ўлікі трактуюцца на карысць абвінавачваемых. Аднак гэтага не адбылося. У дадзеным выпадку гэта яўнае парушэнне прэзумцыі невінаватасці, – падкрэслівае Тамара Чыкунова.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя