Праваабаронца заклікае ўлады дбаць пра беларускую мову



Праваабаронца Алег Мацкевіч звярнуўся ў Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт і Упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама са зваротамі наконт Міжнароднага дня роднай мовы.

Гэты дзень быў зацверджаны ў лістападзе 1999 г. рашэннем 30-ай сэсіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці і адзначаецца штогод 21 лютага.

На інтэрактыўным атласе ЮНЕСКА “Мовы свету ў небяспецы” (UNESCO Interactive Atlas of the World’s Languages in Danger) беларускай мове нададзены статус “Vulnerable” (уразлівы, слабы).

У звароце праваабаронца адзначае, што вельмі часта, калі пытанне тычыцца падтрымкі роднай мовы ў Беларусі, дзяржаўныя органы спасылаюцца на канстытуцыйную норму аб афіцыйным дзвюхмоўі, забываючыся, што менавіта беларуская мова патрабуецца ў дзяржаўнай апецы. У той жа час існаванню рускай мовы і культуры нічога не пагражае.

У сувязі з датай, якая набліжаецца, А. Мацкевіч просіць Барысаўскі райвыканкам унесці прапановы службам і структурным падраздзяленням райвыканкама па  падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, распрацаваць і прыняць планы па пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў дзейнасці гэтых арганізацый, распрацаваць і правесці шэраг мерапрыемстваў па візуалізацыі беларускай мовы ў грамадскай прасторы Барысаўскага раёну.

Упраўленню па адукацыі райвыканкама праваабаронца прапануе разгледзяць магчымасць распрацоўкі паўнавартаснай арыгінальнай беларускамоўнай версіі сайту Упраўлення па адукацыі (якая на цяперашні час існуе толькі ў выглядзе машыннага перакладу з дапамогай вэб-службы Google Translate), правесці ва ўстановах адукацыі Барысаўскага раёну мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, якія б выходзілі за рамкі звыклых тэматычных класных гадзін і публічнай дэманстрацыі літары “Ў”, актывізаваць працу па стварэнні груп з беларускай мовай навучання ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, унесці ў план працы Упраўлення па адукацыі на 2019-2020 навучальны год шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю і ўжыванне беларускай мовы.

spring96.org