Праваабаронца: Затрыманні ды іх маштаб усё цяжэй ацэньваць
Судовы канвеер ні на дзень не спыняецца ў Берасці. Разглядаюцца як справы за падзеі 2020, так і новыя, напрыклад, за абразу прадстаўнікоў улады ці распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пра гэта распавяла наша сённяшняя „Госць Рацыі” праваабаронца спадарыня Ганна, што ў мэтах бяспекі не называе сваё прозвішча, у гутарцы з Алісай Поль.
РР: Што змянілася за апошні час? Якія справы фігуруюць?
– Усё яшчэ працягваецца „карагодная справа”. Павінна была чарговая справа пачацца, але ж яе чамусьці вырашылі пакуль адкласці. Там было толькі шэсць чалавек абвінавачаных, у каго былі позвы на суд. Вырашылі да іх далучыць яшчэ пяць чалавек. Такім чынам будзе такая дзясятка ў хуткім часе, якая прадстане перад судом. Такая масавая вельмі справа, якой няма аналагаў у Беларусі, яна адбываецца ў Берасці і будзе працягвацца.
РР: Ці вядома пра нейкія гучныя затрыманні?
– У нас адбываюцца затрыманні розных актывістаў на падставе таго, што яны яшчэ на канцы лютага ці дзесьці ў сакавіку збіраліся на такія пратэстныя акцыі. Я маю на ўвазе акцыі супраць вайны, усё гэта яшчэ працягваецца. У Берасці атрымаў 15-ць сутак Алег Вялаў, яго выпусцілі з ІЧУ. Затрыманні адбываюцца, але калі параўноўваць з тым, што было некалькі тыдняў назад, то паспакайней. Тады напярэдадні Дня Волі былі прэвентыўныя затрыманні. Пасля Дня Волі стала менш.
РР: Ці можна сказаць, што зараз затрыманні і суды маюць масавы характар?
– Затрыманні ды іх маштаб і масавасць усё цяжэй і цяжэй ацэньваць. З аднаго боку здаецца, што сказваецца тое, што грамадства запалоханае рэпрэсіямі. Здаецца, што да праваабаронцаў менш звяртаюцца. Але ж па іншых прыкметах можна судзіць, па колькасці тых ці іншых справаў, што іх дастаткова шмат. Цяжка казаць наколькі гэта зараз масава ці не масава, але калі ацаніць тое, што было ў апошні месяц, то бачна, што адміністрацыйных справаў усё яшчэ шмат. Вельмі шмат справаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, але ж гэта і зразумела, бо ў нас зараз у Тэлеграме экстрэмісцкае здаецца амаль усё.
У параўнанні з мінулым годам тых, каго прыцягваюць па крымінальных палітычна матываваных справах, стала менш. Але колькасць спраў – прыкладна такая ж, толькі ў іх менш фігурантаў.
Беларускае Радыё Рацыя