Праваабаронцу Марфу Рабкову будуць судзіць па адзінаццаці артыкулах КК
Палітзняволеная і валанцёрка Марыя Рабкова ў лісце сваякам паведаміла, што ёй прад’яўлена абвінавачанне па 11 артыкулах КК Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.
– частка 1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў);
– частка 1 арт. 13 да ч. 2 арт. 293 (Падрыхтоўка і наўмыснае стварэнне ўмоў для ўдзелу ў масавых беспарадках);
– частка 3 арт. 293 (Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці);
– частка 1 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
– частка 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт);
– частка 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
– частка 1 арт. 285 (Кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй);
– частка 3 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці, учыненае групай асоб);
– частка 2 арт. 339 (Злоснае хуліганства);
– частка 3 арт. 339 (Асабліва злоснае хуліганства);
– арт. 341 (Апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці);
– частка 3 арт. 218 (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя арганізаванай групай);
– частка 2 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб).
Рабкова паведаміла, што апроч «народных» пратэстных артыкулаў (такіх як артыкул 293 і артыкул 342) яе абвінавацілі ў некалькіх так званых «вісяках» (на жаргоне сілавікоў гэтае слова адносіцца да шматгадовых нераскрытых злачынстваў). Усе ўдзельнікі працэсу падпісалі дакумент аб неразгалошванні, таму Рабкова лічыць, што суд будзе закрытым з-за „адкрытай фальсіфікацыі доказаў”.
Раней сілавікі абвінавацілі Марфу Рабкову ў арганізацыі падпалу падатковай інспекцыі ў Гомелі ў 2017 годзе з выкарыстаннем „кактэйляў Молатава”. СК паведаміў, што «кіраўнікі злачыннай арганізацыі» – 31-гадовы мужчына і 26-гадовая дзяўчына – знайшлі выканаўцаў, даўшы ім «канкрэтныя ўказанні па спосабе яго здзяйснення».
Праваабаронцы пагражае да 15 гадоў турмы. Рабкова знаходзіцца ў турме больш за 14 месяцаў і адмаўляецца даваць паказанні. Раней яна паведамляла сваякам у лістах, што супрацоўнікі міліцыі „абяцалі” ёй тэрмін „паміж Бабарыка і Калеснікавай”.