Праваабаронцу пераследуюць за збор подпісаў пад зваротам
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць масіраванае апытанне падпісантаў звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта краіны.
Юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей паведаміла, што 5 чэрвеня група з трыццаці грамадзянаў, у тым ліку яна, у восьмы раз звярнулася да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны з просьбай прыняць іх.
Хацелі абмеркаваць праблему адпісак, якія атрымліваем у адказ на свае індывідуальныя скаргі, кажа праваабаронца:
– Мы зноў у чарговы раз не былі прынятыя і трэба сказаць, што кіраўнік адміністрацыі нас за ўвесь час так ні разу не прыняў. Нам прыйшоў адказ аб тым, што з намі перапіска спынена, таму няма падставаў і прымаць, вось такі цікавы адказ. То бок кіраўнік адміністрацыі спыніў перапіску з грамадзянамі, ні разу з імі не сустрэўшыся, не выслухаўшы іх і не вырашыўшы іх праблему.
8 ліпеня Тамару Сяргей запрасілі ў Генпракуратуру і нагадалі, што ў красавіку мінулага года ёй было вынесена афіцыйнае папярэджанне па артыкуле 193 (за дзейнасць ад імя незарэгістраванага грамадскага аб’яднання).
Спыталі, куды мы звярталіся ў апошні час, дала тлумачэнні і лічыла, што пытанне вычарпана. Аднак 22 ліпеня пачаліся масавыя апытанні падпісантаў звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але яго ўжо праводзіла галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
Тамару Сяргей падазраюць у арганізацыі незарэгістраванага грамадскага аб’яднання. Аказваецца, нельга ставіць подпісы пад калектыўнымі зваротамі – гэта небяспечна для дзяржавы! А такое права дае 40-ы артыкул Канстытуцыі.
Пры гэтым Тамара Сяргей не выключае, што ў дачыненні да яе могуць распачаць крымінальную справу – толькі за тое, што яна карыстаецца сваімі канстытуцыйнымі правамі.
Паводле БелаПАН