Праваабаронцу позву прынеслі ў бальніцу
Сябра Праваабарончага цэнтра „Вясна” Аляксандра Вайцешыка з Баранавіч выклікаюць позвай у Нясвіжскі РАУС на 9 гадзін раніцы 26 лютага.
Позву ў Нясвіжскую бальніцу, куды Вайцешык трапіў пасля затрымання, прынёс супрацоўнік РАУС, кажа Аляксандр Вайцешык:
– Выпусцілі з бальніцы. На заўтра выклікаюць у РАУС па позве. Ёсць варыянт, што яны будуць складаць пратакол. Еду заўтра з адвакатам у РАУС. Адвакат гаворыць, што мяне могуць затрымаць, або адразу адвезці ў суд.
Праваабаронцу затрымалі ў Сноўскім Доме культуры супрацоўнікі Нясвіжскага РАУС. Прычына затрымання – спроба прайсці ў залу на сход з пенсіянерам агракамбіната “Сноў” Вячаславам Сырыцам у якасці даверанай асобы. Вячаслава Сырыцу пазбаўлялі звання „Ганаровы работнік гаспадаркі” і выключалі з членаў агракамбіната.
Беларускае Радыё Рацыя