Праваабаронцу Віктару Сазонаву пагражаюць праз сацсетку



Гарадзенскі правабаронца Віктар Сазонаў атрымаў праз сваю старонку ў сацыяльнай сетцы Вконтакте правакацыйнае паведамленне. У паведамленні пазначана, што яно ад нейкага невядомага “Сергея россиянина”, піша сайт «Гарадзенская Вясна». Праваабаронцу пагражаюць, што ў бліжэйшым часе яго кватэра будзе абкрадзеная, што ёсць «наводка» на яго кватэру, а пэўныя «людзі» ўмеюць карыстацца адмычкамі.

Віктар Сазонаў пракаментаваў нашаму радыё гэтую сітуацыю:

Зразумела, што гэта працуе сістэма. Зразумела, што актывізаваліся сілы, якія душаць усё, што ёсць яшчэ жывое, нацыянальнае, таму што мы жывём зараз у вельмі няпростай сітуацыі. І зразумела, што гэта ўсё мае на мэце дэстабілізаваць людзей, паўплываць на іх нервовую сістэму, прымусіць іх замаўчаць, прымусіць іх не актыўнічаць, скажам так. Але такія рэчы яны і раней рабіліся.

“Псіхалагічна мы да падобных правакацый даўно падрыхтаваныя. Цяпер гэтыя сілы актывізуюцца, і цалкам мажліва ў хуткім часе многія “тайныя людзі” пяройдуць да фізічных расправаў, гэта не выключана”, – дадае Віктар Сазонаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Змест паведамлення, якое атрымаў Віктар Сазонаў:

“ВИКТОР ПОСЛУШАЙ! В БЛИЖАЙШЕЕ ВРЕМЯ БУДЕТ ОБВОРОВАНА ТВОЯ КВАРТИРА. ОТМЫЧКАМИ ВСКРОЮТ И ОБВОРУЮТ. ЛЮДИ РАБОТАЮТ СТРОГО ПО НАВОДКЕ. НАВОДКА ДАНА. КВАРТИРА ТВОЯ БУДЕТ ОБВОРОВАНА КАПИТАЛЬНО. ИМЕЙ ВВИДУ. ЛЮДИ ОТМЫЧКАМИ ПОЛЬЗУЮТСЯ ПРЕКРАСНО”.