Праваабаронцу вяртаюць ноўтбук: экстрэмізму не знайшлі



Гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку вяртаюць канфіскаваны на мяжы кампутар і друкаваныя матэрыялы. Справа ў тым, што Ашмянская мытня не знайшла ў канфіскаваных рэчах праяваў экстрэмізму.

sudalenka11

Адметнасць сітуацыі ў тым, што канфіскацыю праваабаронца абскарджваў у судзе, аднак Ашмянскі раённы суд не знайшоў ніякага ў гэтым парушэння. Пазней Гарадзенскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу праваабаронцы. Каментуе Леанід Судаленка:

– Так, вяртанне ноўтбука і друкаваных матэрыялаў будзе незалежна ад суда. Я атрымаў ліст, падпісаны намеснікам Ашмянскай мытні Леанардай Локцевай, што скончана праверка, і ў носьбітах інфармацыі не знойдзена экстрэмізму. Па гэтым выпадку я буду рыхтаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Я буду звяртаць увагу на той факт, што вось канфіскацыя і трыманне маіх рэчаў на працягу пяці месяцаў парушае маё права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Канфіскацыя была беспадстаўнай. Яны пішуць, што шукаюць нібыта экстрэмізм, але чамусьці толькі ў мяне яго шукаюць. Я лічу, што гэта дыскрымінацыя ў сувязі з маімі меркаваннямі. 

Леанід Судаленка кажа, што ўжо не зможа карыстацца гэтым кампутарам і перадасць яго адной шматдзетнай сям’і:

Так, я насамрэч ужо не змагу ім карыстацца, таму што я КДБ не давяраю, хоць канфіскавалі непасрэдна мытнікі, але лічу, што забірала КДБ. У вёсцы, дзе я жыву, ёсць шматдзетная сям’я, там сямёра дзетак, у іх вельмі складаная сітуацыя, мне іх вельмі шкада, як еду з горада заўсёды ім печыва купляю. І вось у гэтую сям’ю аддам кампутар. 

Інцыдэнт з канфіскацыяй ноўтбука здарыўся 25-га траўня бягучага году ў час праведзенага асабістага мытнага агляду на памежным пераходзе “Каменны Лог”. У выніку экспертызы мытня не выявіла нічога экстрэмісцкага, а таму Леанід Судаленка мае забраць свае рэчы, іначай іх прызнаюць безгаспадарчымі. Праваабаронца паправіў выслаць яму іх бандэроллю, паколькі з Гомеля ехаць у Ашмяны даволі далёка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя