Праваабаронцу “Вясны” пакаралі на 12 сутак арышту



Праваабаронцу “Вясны” Зміцера Салаўёва пакаралі на 12 сутак арышту. Такі прысуд вынесла суддзя суда Менскага раёна Анжаліка Казлова.

Зміцер Салаўёў — адзін з тых, да каго 16 лютага прыйшлі з вобшукам.

Ён жыве ва ўласна пабудаваным доме, сцяна якога і стала прычынай яго прыцягнення па артыкуле 23.34 КаАП. “На доме ёсць герб “Пагоні””— так значылася ў пратаколе. З гэтай нагоды праваабаронцу і затрымалі. Сведкамі сталі тыя, хто праводзіў у  Змітра вобшук — старэйшыя оперупаўнаважаныя Валодзька і Рудэнка.

Але арышт быў вынесены з іншай нагоды, лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які быў на гэтым судзе:

 – Задача была  ізаляваць Змітра. І я так думаю, што для пэўных мэтаў, каб органы следства, якія праводзілі ператрус, мелі магчымасць папрацаваць з ім. Таму яго ізалявалі на 12 дзён. І, хутчэй за ўсё, мы знойдзем таму пацверджанне, калі ён выйдзе. А форма працэсу нагадвала нейкае такое кафкіянства.

Жонка Змітра Аксана Салаўёва выступіла на судзе як сведка:

– Я такі не часты чалавек пакуль была ў судах. І мне падавалася, што ў суддзі павінны быць больш такія бесстароннія пытанні. А там якраз вось такіх пытанняў не было, яны ўсе былі нейкія ацэначна-абразлівыя.

Падчас працэсу суддзя пыталася ў Змітра Салаўёва, ці ведае ён, што пратэсты праходзяць пад сімваламі Пагоні. Праваабаронца адзначыў, што барэльеф на яго доме — гэта герб Віцебскай вобласці, адкуль ён родам.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя