Суд па справе бярозаўскіх праваабаронцаў перанесены (абноўлена)
Суд па справе бярозаўскіх праваабаронцаў перанесены на 20 траўня. Спачатку праваабаронцам гаварылі, што справу правядзе старшыня суда. Затым на пачатку 12 гадзіны паведамілі, што “учора ў суддзі захварэла дзіця, і яна пайшла на бальнічны”. Выйдзе на работу суддзя Наталля Мініч, якая і будзе разглядаць справу 18 траўня.
Пры нармальнай арганізацыі працы і сучасных камунікацыях можна было папярэдзіць людзей пра перанос справы, кажа адна з заяўніц пікету грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч:
– Я лічу, што справу можна было перадаць і іншым суддзям. Нашыя справы адносяцца да палітычных і іх ужо разглядалі ўсе суддзі. Толькі суддзя, якая захварэла, не разглядала такія справы. Гэта як кругавая парука. Яны, відаць, хочуць, каб усе суддзі ўдзельнічалі ў палітычных справах.
Адная з удзельніц працэсу будзе адсутнічаць да сярэдзіны чэрвеня. Таму ў суд будзе пададзена заява пра перанос разгляду справы на 20 чэрвеня.
* * *
Скарга бярозаўскіх праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў на забарону пікета 25 сакавіка Бярозаўскім райвыканкамам сёння будзе разгледжана ў судзе Бярозаўскага раёна.
Праваабаронцы лічаць прычыну адмовы пікета надуманымі , кажа адзін з заяўнікаў мерапрыемства Сяржук Русецкі:
– Наш пікет да 25-га сакавіка быў прымеркаваны да чарговых угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі з патрабаваннем вызвалення палітвязняў. Яны забаранілі пікет спаслаўшыся на тое, што адзін з артыкулаў закона пра масавыя мерапрыемствы Рэспублікі Беларусь забараняе правядзенне пікетаў мэтай якіх з’яўляецца экстрэмісцкая дзейнасць – у прыватнасці, распальванне нацыянальнай варожасці. На добры розум, дзе тут можна знайсці гэтую прычыну?
Бярозаўскія праваабаронцы змагаюцца за сваё канстытуцыйнае права на публічнае выказванне сваіх думак праз масавыя мерапрыемствы амаль тры гады. За гэты час яны дамагліся толькі аднаго: падчас падачы заявы на пікет ім не трэба адначасова з заявай падаваць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальшчыкамі.
Беларускае Радыё Рацыя