Светлагорск: праваабаронцы адсочваюць сітуацыю вакол завода беленай цэлюлозы
Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Алена Маслюкова з групай аднадумцаў працягвае адсочваць сітуацыю вакол завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Справы прадпрыемства з экалагічнага боку ніколькі не палепшыліся. Яно застаецца вельмі небяспечным і шкодным, гаворыць праваабаронца:
– Быў зафіксаваны незаконны зліў праз ліўнёвую каналізацыю бруднай вады з пенай. Мы знаходзіліся там з 13.30 і з’ехалі ў 14.10. І ўвесь гэты час бурным патокам злівалася вада і была гэтая пена.
Па словах Алены Маслюковай, мясцовыя чыноўнікі і людзі, зацікаўленыя ў гэтым прадпрыемстве, працягваюць ілгаць, што злівалі адыходы толькі 15 хвілін і што сітуацыя з дзейнасцю завода абсалютна нармальная. Абяцанага паху ружаў і адсутнасці непрыемнасцяў, звязаных з дзейнасцю завода, няма. Асабліва цяжка і небяспечна, калі вецер дзьме на горад:
– У 9 гадзінаў раніцы вецер канкрэтна ідзе на горад, мы адчувалі не пах метылмеркаптана, мы адчувалі відавочна хлор.
Светлагорскія праціўнікі шкоднага прадпрыемства запісаліся на прыём на шостага лютага да міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота regionby.org