Праваабаронцы: Былы следчы Яўген Юшкевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ



Былы следчы Яўген Юшкевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Увечары 19 красавіка Юшкевіч перастаў выходзіць на сувязь. Пазней стала вядома, што ў яго кватэры праводзяць вобшук. Адвакат Юшкевіча Марыя Колесава-Гудзіліна напісала ў „Твітэры”, што ён затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У ордэры на вобшук згадваецца артыкул 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму).

Як паведамлялася раней, Юшкевіч звольніўся са Следчага камітэта некалькі гадоў таму. У 2020 годзе ён быў датычны да стварэння праекта ByChange для дапамогі і перанавучання сілавікоў і дзяржслужачых, якія страцілі працу з-за сваёй палітычнай і грамадзянскай пазіцыі.

Юшкевіча затрымлівалі па крымінальнай справе 25 лістапада. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску, затым перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Юшкевіча падазравалі ў „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх”. 4 снежня мера стрымання ў дачыненні да яго была змененая на падпіску аб нявыездзе.

17 сакавіка гэтага года Юшкевіч заўважыў, што ў той час, калі ён з адвакатам быў на допыце ў мінскім упраўленні Следчага камітэта, у яго аўтамабіль, прыпаркаваны непадалёк, праніклі невядомыя і рабілі нейкія дзеянні. Усталяваны ў аўтамабілі відэарэгістратар спрацаваў на рух і запісаў гукі таго, што адбывалася, а таксама рукі невядомага.

„Дзверы ў машыне адчыняюцца самі, нейкія рукі поўзаюць па панэлі, нешта адкрываюць, пакуль я адказваю міламу (рэальна) следчаму на бессэнсоўныя пытанні. Спадзяюся, што зашывалі не наркотыкі, а жучкі, таму што я да іх дрэнна вельмі стаўлюся і пару гадоў жыцця аддаў барацьбе з імі, і ні я, ні бацька нічога не ўжываем”, — напісаў Юшкевіч у „Фэйсбуку”.

belapan.by