Праваабаронцы: Да затрыманых ужываліся меры фізічнага ўздзеяння



У праваабаронцаў з’яўляюцца сведчанні таго, што ў дачыненні да некаторых фігурантаў справы патрыётаў, якія абінавачваюцца ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, выкарыстоўваліся незаконныя метады ўздзеяння.

Па словах супрацоўніцы праваабарончага цэнтра „Вясна” Насты Лойкі, ужо пасля затрыманняў, якое паказвалі па тэлебачанні, родныя і сябры некаторых затрыманых адзначылі іх нетыповаыя паводзіны:

– Яны не вельмі адэкватна сябе паводзілі, была нетыповая манера паводзінаў, што ў прынцыпе ўскосна магло сведчыць пра тое, што да людзей ўжывалі, напрыклад, псіхатропы. Зараз гэта інфармацыя ўсё больш набірае абароты, бо яна пацвярджаецца з некалькіх крыніц. Гісторыя з электрашокерам, наколькі я разумею, у СІЗА КДБ таксама ў першыя дні да затрыманых ужываліся меры фізічнага ўздзеяння, як электрашокеры, то бок мы ведаем пра некалькіх чалавек. Падрабязнасці на жаль пакуль не можам агучваць.

Гэтыя выпадкі можна расцаніць як факты прамога катавання, што забаронена як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

„Таму можна казаць пра абсалютна грубае парушэнне правоў затрыманых. З гэтай нагоды намі падрыхтаваны зварот у Генеральную пракуратуру”, – сказала Наста Лойка. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск