Праваабаронцы ініцыявалі збор подпісаў за ўвядзенне каранціну ў беларускіх школах
Праваабаронцы праваабарончага цэнтра „Вясна” ініцыявалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам аб увядзенні каранціну ў агульнаадукацыйных школах Беларусі. Як паведамляе сайт spring96.org, праз тры дні петыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя.
„Мы, грамадзяне рэспублікі, лічым неабходным увесці каранцін у агульнаадукацыйных школах Рэспублiкi Беларусь з магчымасцямі дыстанцыйнага навучання для вучняў да канца навучальнага года, — гаворыцца ў звароце, размешчаным на сайце petitions.by. — На дадзены момант эпідэмія каранавіруса ў Рэспубліцы Беларусь уяўляе пагрозу для здароўя і жыцця нашых дзяцей, таму мы лічым за лепшае прытрымлівацца правілаў перасцярогі. Увядзенне каранціну з магчымасцямі дыстанцыйнага навучання для вучняў сярэдніх школ дазволіць значна скараціць рызыкі распаўсюду вірусных захворванняў”.
Аўтары звароту адзначаюць, што ўкараненне дыстанцыйнага навучання паменшыць нагрузку на настаўнікаў і значна палепшыць якасць адукацыйнага працэсу, паколькі ў сітуацыі, калі частка навучэнцаў наведваюць школу, а частка — на дыстанцыйным навучанні, гэта значна ўскладняе працу настаўнікаў.
На 12.00 7 красавіка петыцыю падпісалі 440 чалавек.
У канцы мінулага тыдня ў Беларусі было прынята рашэнне працягнуць школьныя вясновыя канікулы на шэсць дзён, з 6 па 11 красавіка ўключна. У каментары журналістам Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька. І я лічу, што патрабаванні працягнуць канікулы з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна. Але калісьці я сказаў, што мы не будзем панаваць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця забраць з дзіцячага садка ці школы, працягнуўшы канікулы. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе”.
Як раней паведамляў БелаПАН, яшчэ адна петыцыя — з патрабаваннем увесці ў Беларусі каранцін — накіраваная ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). За шэсць дзён яе падпісалі 150 тысяч чалавек.
belapan.by