Праваабаронцы: Найбольшы ўдар сілавікі нанеслі ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай



Найбольшы ўдар сілавыя структуры Беларусі нанеслі ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па стане на 5 чэрвеня 12 членаў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай зведалі пераслед, затрыманні і адміністрацыйнае пакаранне.

Сярод дзевяці затрыманых у рамках крымінальнай справы за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) гэта кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, а таксама члены групы Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Арцём Сакаў.

У розны час затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, двое з іх арыштаваныя на 15 сутак: Артур Сінега з Наваполацка і валанцёр каманды Андрэй Зуеў.

Актывісты кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” склалі спіс членаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якіх затрымлівалі альбо судзілі ў адміністрацыйным парадку: Уладзімір Мароз (Кобрын) — затрымліваўся; Валерый Рамановіч (Пінск) — затрымліваўся; Аляксандр Мілюк (Масты) — затрымліваўся; Максім Кавалевіч (Бяроза) — затрымліваўся; Кацярына Таланкова (Магілёў) — затрымлівалася; Артур Сінега (Наваполацк) — арышт 15 сутак; Вольга Каракіна (Гродна) — затрымлівалася; Уладзімір Кніга (Гродна) — затрымліваўся.

Былі затрыманыя таксама некалькі дзясяткаў валанцёраў каманды Ціханоўскай і прыхільнікаў блогера.

Паводле звестак праваабаронцаў, суды і затрыманні працягваліся 5 чэрвеня па ўсёй Беларусі.

Аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця” папулярны блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гродне, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Там адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіў аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

3 і 4 чэрвеня ў кватэры і офісе-студыі Ціханоўскага, а таксама на лецішчы і ў кватэры яго маці прайшлі вобшукі. Пад раніцу 4 чэрвеня на лецішчы было знойдзена 900 тысяч долараў. З пастановы на вобшук вынікае, што Ціханоўскі — падазраваны па крымінальнай справе па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі).

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем.

belapan.by