Праваабаронцы не супраць святкавання Дня волі 25 сакавіка разам з уладамі
Праваабаронцы праваабарончага цэнтра «Вясна» не супраць святкавання Дня волі 25 сакавіка разам з уладамі. Яны лічаць, што ад гэтага папулярнасць свята толькі вырасце. Людзі прыйдуць святкаваць важную для краіны дату з дзеткамі. Бо штогадовы разгон святкавання, магчыма, адпалохваў тых, хто любіць Беларусь і разумее важнасць гэтай даты, але не гатовы рызыкаваць сваім здароўем, падстаўляючыся пад дубінкі, кажа Алена Лапцёнак з Менску:
— Спадзяюся гэта будзе менавіта свята.
Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:
— 100-годдзе БНР — гэта свята агульнанацыянальнае, яно належыць абсалютна ўсім: і тым, хто за дэмакратычны лад, і тым, хто не асабліва яго падтрымлівае. Галоўнае, каб гэта быў беларус, патрыёт, які дбае пра сваю дзяржаву і не з’яўляецца здраднікам яе незалежнасці .
Алег Мацкевіч, г.Барысаў:
— Штогод прысутнічаю: шэсце, бойка. Вядома, гэта адпалохвала людзей. А такая як 100-годдзе БНР не павінна ў чарговы раз быць нагодай для бойкі.
Паводле Віктара Сазонава, святкаванне разам з уладай не павінна быць за кошт кампрамісу з боку апазіцыі: абы толькі правесці разам ціха і добра, мы адмовімся ад нечага вельмі важнага. Можна святкаваць разам, калі фармат свята задавальняе абодва бакі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя