Вынікі судовага канвеера ў Менску за тыдзень



Вынікі адміністрацыйнага судовага канвеера ў Менску за апошні тыдзень падлічылі валанцёры і валанцёркі Праваабарончага Цэнтра “Вясна”:

– За ўдзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” сталічныя суддзі з 25 па 29 студзеня прысудзілі  агулам 1905 базавых велічынь штрафу (а гэта 55 245 беларускіх рублёў). На першым месцы тут суддзя суда Першамайскага раёну горада Менска Трусевіч – ён пакараў сем чалавек на 270 базавых велічынь.

Што тычыцца іншай санкцыі – арышту, то за апошні тыдзень менскія суды пакаралі 112 чалавек на 1760 сутак (а гэта амаль пяць гадоў агулам). Вылучыўся тут суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Карсюк — ён асудзіў 8 чалавек сумарна на 159 сутак арышту.

Гэтыя лічбы з’яўляюцца мінімальнымі – не ўсе судовыя паседжанні валанцёрам і валанцёркам удаецца адманіторыць. Калі вы хочаце дапамагчы ў маніторынгу – звяртайцеся ў Праваабарончы Цэнтр “Вясна”.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск