Праваабаронцы патрабуюць спыніць катаванні зняволенага Арцёма Анішчука



 Праваабаронцы пазбаўленага дзяржрэгістрацыі цэнтра „Вясна” патрабуюць ад беларускіх улад зрабіць неадкладныя захады, „накіраваныя на спыненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання” ў дачыненні да зняволенага папраўчай калоніі № 15 Арцёма Анішчука. Адпаведная заява апублікаваная на сайце „Вясны”.

Акрамя таго, праваабаронцы патрабуюць пачаць эфектыўнае расследаванне ўсіх фактаў катаванняў у дачыненні да Анішчука з боку службовых асоб ПК № 15 і адхіліць іх ад пасад на перыяд следства.

„Вясна” таксама звяртае ўвагу на неабходнасць неадкладна дапусціць да Анішчука адваката і аказаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Як падкрэслілі праваабаронцы, у іх ёсць „усе падставы меркаваць аб прадузятым і селектыўным падыходзе адміністрацыі ВУ да Арцёма Анішчука”. „Паколькі злачынства, у якім ён прызнаны вінаватым, зроблена пад уплывам абурэння жорсткасцю супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстуючых у жніўні 2020 года, а пацярпелым па справе прызнаны Аляксандр Гейц — намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай работы ў ПК, ЛПП дэпартамента выканання пакаранняў МУС”, — гаворыцца ў заяве.

Паводле звестак „Вясны”, у дачыненні да Анішчука распачатая крымінальная справа на падставе арт. 411 КК (сістэматычнае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), што пагражае павелічэннем тэрміну пазбаўлення волі да яшчэ аднаго года звыш прызначанага.

„Узбуджэнне крымінальнай справы па арт. 411 КК, на нашу думку, сведчыць аб выключна выбарачным падыходзе з боку адміністрацыі калоніі да Арцёма Анішчука, заснаваным на помсце за здзейсненыя ім супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўніка МУС”, — лічаць праваабаронцы.

У выпадку прыцягнення Арцёма Анішчука да крымінальнай адказнасці паводле арт. 411 у беларускай праваабарончай супольнасці будуць падставы для прызнання яго палітвязнем, гаворыцца ў заяве.

9 чэрвеня жонка Анішчука паведаміла газеце „Новы Час”, што на сустрэчы з адвакатам яе муж заявіў аб пастаянных гвалтоўных дзеяннях фізічнага і псіхалагічнага характару з боку адміністрацыі ПК-15, якія пачаліся адразу пасля яго прыбыцця ў калонію. Каб пазбегнуць далейшых катаванняў, Арцём Анішчук здзейсніў спробу членашкодніцтва і праглынуў металічныя прадметы.

Таксама жонка асуджанага паведаміла, што адміністрацыя калоніі замінае яе мужу сустракацца з адвакатам, не выдае ручку і паперу, але прымушае пад дыктоўку пісаць лісты сваякам пра тое, што ў яго нібыта ўсё добра. Акрамя таго, паводле слоў жонкі, з Анішчуком праводзіліся допыты без следчага, але ў прысутнасці чатырох іншых людзей.

Як паведаміла Генпракуратура 10 чэрвеня, для праверкі звестак пра тое, што „нібыта мелі месца катаванні, здзекі і псіхалагічны націск”, у калонію адправіўся намеснік начальніка аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сістэмы і прымусовага выканання. „Падчас асабістай гутаркі з пракурорскім работнікам Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. На пытанне аб прычынах праглынання іншароднага прадмета растлумачыў, што проста хацеў трапіць у медычную частку”, — паведамілі ў пракуратуры.

Арцём Анішчук і яшчэ чатыры чалавекі былі затрыманыя 29 верасня 2020 года ў менскім мікрараёне Баравая. Мужчын абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянера. Яны пракалолі шыны, заладзілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў. Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Матэрыяльны ўрон склаў 5.222 рублі 88 капеек.

3 лютага Анішчук быў асуджаны на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Асуджаныя таксама павінны былі выплаціць іскавыя патрабаванні пацярпеламу супрацоўніку МУС Аляксандру Гейцу — тысячу рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды — тры тысячы рублёў.

belapan.by