Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск на Ігара Самусенку



Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з супольнай заявай у сувязі з абвінавачаннем супраць менчука Ігара Самусенкі, якому за надпіс на асфальце «Не забудзем» на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

 «Напісанне на асфальце надпісу „Не забудзем“ не з’яўляецца праявай хуліганства, — пішуць праваабаронцы. — Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены, у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання  трапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі».

Беларускае Радыё  Рацыя