Праваабаронцы патрабуюць вызвалення ўсіх затрыманых па „справе tut.by”
Дзеянні ўладаў у дачыненні да супрацоўнікаў партала tut.by з`яўляюцца „працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне”, гаворыцца ў сумеснай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый у сувязі з пераследам tut.by.
У ёй адзначаецца, што 18 траўня дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ААТ „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).
Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстраў.
„Мы, арганізацыі, што падпісаліся ніжэй, лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова, — гаворыцца ў заяве. — Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў”.
Праваабаронцы адзначаюць, што гэта не першая спроба націску на найбуйнейшы беларускі інтэрнэт-СМІ: у жніўні 2018 года некалькі рэдактараў tut.by трапілі пад крымінальны пераслед па так званай справе БелТА, а ў пачатку 2019 года па гэтай справе была асуджаная галоўны рэдактар партала Марына Золатава. „Напрыканцы 2020 года партал tut.by пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.
„Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з`яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне, — гаворыцца ў заяве. — Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных і інфармацыйных сайтаў, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад”.
Праваабаронцы адзначаюць, што па стане на 15.00 20 траўня было вядома пра затрыманне наступных супрацоўнікаў tut.by: генеральны дырэктар Людміла Чэкіна; галоўны рэдактар Марына Золатава; рэдактар Вольга Лойка; намеснік дырэктара Ірына Рыбалка; журналістка Алена Талкачова; галоўны бухгалтар Анжэла Асад; намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік; галоўны інжынер Ала Лапатка; намеснік гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка; менеджар Андрэй Аўдзееў; юрыст Кацярына Ткачэнка; былы юрыст Ірына Касцючэнка (перайшла на новае месца працы).
Акрамя таго, затрыманыя дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктар Rocket Data Дар`я Данілава.
Юлія Чарняўская, удава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера і саўладальніца hoster.by, знаходзіцца пад хатнім арыштам.
21 траўня заканчваецца тэрмін папярэдняга зняволення пералічаных асоб, адзначаюць праваабаронцы.
„Мы патрабуем: вызвалення ўсіх затрыманых; спынення ціску на свабоду слова, журналістаў і незалежныя СМІ; спынення палітычна матываванага пераследу і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”, — гаворыцца ў заяве.
Дакумент падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, РГА „Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, „Ініцыятыва FORB”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Беларускі ПЭН-цэнтр.