Праваабаронцы паведамляюць пра 245 затрыманых у Менску і іншых гарадах падчас нядзельнай акцыі



Праваабаронцы паведамляюць пра 245 затрыманых у Менску і іншых гарадах падчас чарговай нядзельнай акцыі прыхільнікаў перамен — Маршу вызвалення палітвязняў 4 кастрычніка. Спісы затрыманых публікуе spring96.org.

У ліку затрыманых член Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне філосаф Вольга Шпарага, а таксама грамадзянін Расеі.

У Бабруйску (Магілёўская вобласць) былі затрыманыя практычна ўсе ўдзельнікі маршу. Затрыманні таксама былі ў Гародні, Жодзіне (Менская вобласць), Віцебску.

Падчас асвятлення акцый супрацоўнікі сілавых органаў затрымалі ў Беларусі 4 кастрычніка 17 журналістаў, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Не менш за пяць з іх да гэтага часу застаюцца пад вартай, астатніх адпусцілі. Аднак затрыманыя ў Менску журналісты павінны сёння зноў з’явіцца ў міліцыю. Падчас працы на акцыі яны былі пазначаныя як прадстаўнікі прэсы і мелі неабходныя дакументы, адзначае БАЖ.

Марш вызвалення палітвязняў у сталіцы сабраў больш за 100 тыс. удзельнікаў. Гэта быў ужо восьмы нядзельны марш пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванні і катаванні мірных дэманстрантаў.

belapan.by