Праваабаронцы паведамляюць пра больш як 320 затрыманых
Праваабаронцы паведамляюць пра сотні затрыманых падчас чарговай нядзельнай акцыі прыхільнікаў перамен.
У спісах затрыманых, які публікуе spring96.org, на 15.20 было 327 прозвішчаў затрыманых у Менску, а таксама ў Барысаве, Гомелі, Гародні, Беразіне, Берасці, Магілёве, Маладэчне, Паставах, Салігорску, Смілавічах.
Сёння ў Менску і іншых гарадах Беларусі праходзіць чарговая акцыя прыхільнікаў перамен — на гэты раз яна прымеркаваная да дня памінання продкаў Дзяды і называецца „Марш супраць тэрору”.
Дэманстранты сабраліся каля станцыі метро „Парк Чалюскінцаў” і накіраваліся ва ўрочышчы Курапаты – месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
За дзве гадзіны да пачатку акцыі ў горадзе адключылі мабільны інтэрнэт і зачынілі тры станцыі метро: „Акадэмія навук”, „Парк Чалюскінцаў” і „Маскоўская”.
Гэта ўжо дванаццаты пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня марш прыхільнікаў перамен. Беларусы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіванне і катаванне мірных дэманстрантаў.