Затрыманні ў Гомелі, Барысаве, Мастах і Скідзелі
Не менш за восем чалавек затрыманыя 3 ліпеня ў розных гарадах краіны, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
У Гомелі на выхадзе са свайго дома затрыманая ўрач-бактэрыёлаг Алена Давыдава, якая беспаспяхова балатавалася на прэзідэнцкіх выбарах як „кандыдат пратэсту”. Міліцыянеры пасадзілі яе ў аўтамабіль і павезлі ў Навабеліцкі РАУС.
Яшчэ адзін чалавек, Аляксей Раманаў, быў затрыманы на гомельскім пляжы, яго даставілі ў Цэнтральны РАУС. Пазней туды была выкліканая хуткая дапамога, бо мужчыну стала кепска.
Раней у сацсетках грамадзян заклікалі прыйсці апоўдні на мясцовы пляж з музычнымі калонкамі, мячамі і пляжнымі тапкамі.
Паводле не пацверджанай праваабаронцамі інфармацыі, каля свайго пад’езду была таксама затрыманая і дастаўленая ў міліцыю гамяльчанка Святлана Нарыскіна.
У Мастах затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк. Ён змешчаны ў ІЧУ і застанецца там да суда 6 ліпеня.
Яшчэ адзін член каманды Ціханоўскай Яўген Клімук са Скідзеля затрыманы і да суда 6 ліпеня таксама будзе знаходзіцца ў ІЧУ. Некалькі дзён таму ў яго забралі аўтамабіль і тэлефон.
У Барысаве сілавікі затрымалі трох чалавек у майках з надпісам „3ИЮЛЯ”, стылізаваным пад „3%” (столькі набіраў Аляксандр Лукашэнка па выніках нерэпрэзентатыўных інтэрнэт-апытанняў). Пазней маладых людзей адпусцілі.
Напярэдадні МУС папярэдзіў, што „любыя правакацыі, у тым ліку палітычнага кшталту, будуць спыняцца ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам”.
belapan.by