Праваабаронцы прэзентавалі справаздачу па месцах несвабоды
Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў маніторынгавую справаздачу «Месцы несвабоды ў Беларусі ў 2018 – 2019 гадах». У ёй разглядаецца тое, як выконваюцца правы чалавека ў месцах прымусовага ўтрымання, сярод якіх прадстаўлены розныя віды: СІЗА, ІЧУ, ЛТП, папраўчыя калоніі, спецыяльныя ўстановы для непаўнагадовых ды інш.
Праваабаронца Барыс Бухель, які з’яўляецца сябрам грамадска-назіральнай камісіі ўпраўлення юстыцыі па Магілёўскай вобласці, распавёў, што пры наведванні пенітэнцыярных установаў вельмі цяжка сапраўды паразмаўляць са зняволенымі, бо адміністрацыя гэтаму перашкаджае. Але калі такія сустрэчы і атрымоўваліся, то адразу хтосьці са зняволеных выкарыстоўваў магчымасць паскардзіцца:
– Завялі нас у ШІЗА, дзе тры чалавекі, і тут жа знайшоўся чалавек, які пачаў скардзіцца, што холадна. Сапраўды так было. І ён сказаў, што да нашага прыезду тут ацяплілі, а так вельмі холадна было. Як пасля пісаў Жамчужны, гэтага чалавека жорстка пакаралі за гэта.
Ні з Міхаілам Жамчужным, ні з Дзмітрыем Паліенкам, які быў на той час палітвязнем, назіральніку сустрэцца не далі.
Сярод агучаных праблемаў падчас справаздачы — наяўнасць так званых “раснічак” на вокнах камер, дзе ўтрымліваюцца зняволеныя. Гэта жалезна-металічныя жалюзі, якія прыстроеныя пад вуглом 45 градусаў і таму не прапускаюць святло. А гэта шкодна для здароўя, кажа ініцыятар магілёўскай кампаніі супраць “раснічак” Алесь Буракоў:
– Цэлыя суткі людзі знаходзяцца толькі пры штучным асвятленні, дзённае святло не трапляе. Натуральна ў любога нармальнага чалавека адразу пачынаюцца праблемы са здароўем. Гэта адзначаюць усе, хто пабываў у СІЗА. І ў Расеі “раснічкі” забаронены. Атрымліваецца, што Беларусь – гэта апошняя краіна ў Еўропе, дзе іх выкарыстоўваюць.
Гэта — толькі некалькі тэмаў, якія былі закранутыя ў маніторынгавай справаздачы «Месцы несвабоды ў Беларусі ў 2018 – 2019 гадах». З поўным яе тэкстам можна пазнаёміцца на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск