Праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітвязнямі



Беларускія праваабаронцы прызналі арыштаваных медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну прадпрымальніка Ірыну Злобіну палітвязнямі.

„Збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў мірных сходаў і выказвання меркавання, не мае нічога агульнага з фінансаваннем якой бы ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляецца злачынствам. У дадзеным кантэксце дзейнасць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай з’яўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасцю па аказанні дапамогі ахвярам масавых палітычных рэпрэсій у краіне і па сутнасці сваёй з’яўляецца праваабарончай”, — гаворыцца ў заяве васьмі праваабарончых арганізацый і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня як падазраваныя па справе, распачатай па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014—2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў вобшук. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на вобшук таксама фігураваў арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

15 студзеня ў МУС заявілі, што Аляксандраў і Злобіна падазраюцца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці. Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, яны са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэстных акцыях на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей.

Казакевіч сцвярджаў, што ўсе выкарыстаныя для гэтых мэт сродкі Аляксандраў і Злобіна атрымлівалі з-за мяжы. „Падчас апытання Аляксандраў растлумачыў, што прапанова заняцца такой дзейнасцю паступіла яму ад фонду салідарнасці BY_help (заснавальнікі — Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык), які аказвае дапамогу так званым пацярпелым падчас правядзення пратэстных акцый грамадзянам, — паведаміў ён. — Неўзабаве да гэтай дзейнасці далучылася яго сужыцелька. Усяго з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года імі аплачана больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэт былі перададзеныя BY_help”.

„Цяпер следчымі ў дачыненні да фігурантаў распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а менавіта навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне такой дзейнасці. Затрыманыя змешчаныя ў ІЧУ”, — паведаміў намеснік міністра.

Аляксей Лявончык у адказ на заяву МУС апублікаваў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” каментар, у якім падкрэсліў, што „любая аплата штрафаў не з’яўляецца злачынствам, а любыя абвінавачанні любога чалавека ў тым, што гэта злачынства, — абсурдныя”.

З заявамі наконт затрымання Аляксандрава і далейшага пераследу беларускіх незалежных СМІ выступілі пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі, Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ), міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. Прадстаўнікі ЗША заклікалі ўлады Беларусі „да абароны і забеспячэння асноўных свабод, у першую чаргу свабоды сходаў, слова і друку”. EFJ і „Рэпарцёры без межаў” заклікалі ААН, АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрасаюз „умяшацца ў сітуацыю з рэжымам Лукашэнкі, каб забяспечыць неадкладнае вызваленне журналістаў”.

belapan.by