Праваабаронцы прызналі палітвязнем Таццяну Гацуру-Яворскую
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнай зняволенай сваю калегу, дырэктара асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб’яднання „Звяно” Таццяну Гацуру-Яворскую, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра.
Праваабаронцы нагадалі, што 5 красавіка прайшлі вобшукі ў кватэры і на дачы Гацуры-Яворскай, у офісе аб’яднання „Звяно”, пасля якіх Таццяна і яшчэ чатыры чалавекі, што маюць дачыненне да прысвечанай медыкам выставы „Машына дыхае, а я — не”, былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна.
Пасля ўсіх іх прызналі вінаватымі ў межах адміністрацыйнага працэсу аб непадпарадкаванні патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі. Гацуру-Яворскую пакаралі штрафам у 1.450 рублёў, аднак з ІЧУ не выпусцілі. Як пазней высветлілася, яе перавялі ў сталічны следчы ізалятар № 1 на вул. Валадарскага — ужо ў межах крымінальнай справы.
Праваабаронцы лічаць пераслед Гацуры-Яворскай „палітычна матываваным, накіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці” па абароне правоў чалавека і асноўных свабод, а яе саму — палітычнай зняволенай.
У сувязі з гэтым праваабарончыя арганізацыі Беларусі патрабуюць ад уладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення Гацуры-Яворскай з-пад варты і спынення яе крымінальнага пераследу.
Акрамя таго яны патрабуюць спыніць пераслед і націск у дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, не прыцягваць да крымінальнай адказнасці „беларускіх праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па вядзенні асветніцкай дзейнасці, аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека”, неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Улады, перакананыя праваабарончыя арганізацыі, павінны выконваць узятыя на сябе абавязацельствы ў плане „забеспячэння гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і прыняцця для гэтага ўсіх неабходных мер”.
Акрамя Беларускага ПЭН-цэнтра заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларуская асацыяцыя журналістаў, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”, „Х’юман Канстанта”.
На сёння ў Беларусі налічваецца 354 палітвязні.