Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ трох чалавек
Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ трох чалавек, асуджаных па дыфамацыйных артыкулах. Гэта Сяргей Скок, Вольга Клімкова і Максім Сяргеенка.
Як паведамляецца ў апублікаванай на сайце spring96.org супольнай заяве праваабарончых арганізацый, усе трое асуджаныя судом Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 368 (абраза прэзідэнта) КК. Скок прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі, Клімкова і Сяргеенка — да трох з паловай.
Праваабаронцы лічаць іх пераслед „палітычна матываваным” і „звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання думкі”.
Падпісанты заявы запатрабавалі неадкладна вызваліць Скока, Клімкову і Сяргеенку і спыніць у дачыненні да іх крымінальны пераслед, а таксама вызваліць усіх палітвязняў у краіне і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян.
Акрамя таго, праваабаронцы патрабуюць прыняць меры па дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў, адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб (арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391) і спыніць усе раней распачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.
Заяву падпісалі восем арганізацый: пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Хьюман канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі( Lawtrend), Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, „Ініцыятыва FORB”, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Па стане на 4 траўня палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 363 чалавекі.