Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох чалавек
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатырох беларусаў, паведамляе праваабарончы сайт „Вясна”. Гэта Дзяніс Дзейкун, Аляксандр Нагела, Леанід Герасімлюк і Аляксей Мальцаў.
Колькасць палітзняволеных у Беларусі вырасла да 649.
Дзяніс Дзейкун асуджаны Гомельскім абласным судом за публікацыю ў сацсетках каментароў з асуджэннем незаконных гвалтоўных дзеянняў міліцыянтаў. Яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі.
Аляксандр Нагела асуджаны Гарадзенскім абласным судом таксама за каментары ў сацсетках з асуджэннем гвалту з боку міліцыянтаў. Яго таксама асудзілі на тры гады пазбаўлення волі.
Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гарадзенскім абласным судом за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь на тры гады пазбаўлення волі. Нагодай таксама сталі каментары ў сацсетках супраць гвалту з боку сілавікоў.
Аляксей Мальцаў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Менска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а канчаткова —да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.