Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Гардзіевіча і Кулакоўскага



Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі журналіста сайта „Першы рэгіён” (Берасцейская вобласць) Сяргея Гардзіевіча і былога начальніка крымінальнага вышуку УУС Заводскага раёна Менска Дзмітрыя Кулакоўскага.

Гардзіевіч быў затрыманы 22 снежня па дарозе з Драгічына ў Берасці. Яго абвінавачваюць па арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта). 25 снежня Гардзіевічу была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Кулакоўскі звольніўся пасля прэзідэнцкіх выбараў з-за нязгоды з дзеяннямі ўладаў. „У кастрычніку ён быў затрыманы супрацоўнікамі службы ўласнай бяспекі МУС і амаль месяц правёў у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе адбываў адміністрацыйныя арышты за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы. Падчас свайго знаходжання ў ЦІП неаднаразова зведваў катаванні і жорсткае абыходжанне, пра што неаднаразова заяўляла яго адвакат і паведамлялі СМІ”, — адзначаюць праваабаронцы.

4 снежня пры спробе пакінуць краіну Кулакоўскі быў затрыманы і змешчаны пад варту ў СІЗА Жодзіна ў рамках справы паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Цяпер у спісе палітвязняў 169 чалавек.

belapan.by