Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек
Праваабарончая супольнасць Беларусі ўхваліла заяву, у якой прызнала яшчэ 8 чалавек палітычнымі зняволенымі.
У спіс дадаліся асуджаныя па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. Гэта:
- Вікторыя Кульша,
- Сяргей Міраеўскі,
- Рыгор Давыдаў,
- Аляксея Беразінскі,
- Уладзімір Рубашэўскі,
- Сяргей Салоха,
- Марэк Сірадзэ,
- Віталія Бандарэнка.
Правабаронцы зазначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Праваабаронцы ацэньваюць пераслед Вікторыі Кульша, Сяргея Міраеўскага, Рыгора Давыдава, Аляксея Беразінскага, Уладзіміра Рубашэўскага, Сяргея Салохі, Марэка Сірадзэ, Віталіі Бандарэнка як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, прызнаюць іх палітычнымі зняволенымі і патрабуюць ад улад Беларусі іх неадкладнага вызвалення, як і іншых палітычных зняволеных.