Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі журналістак Барысевіч, Андрэеву і Чульцову



Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі затрыманых журналістак Кацярыну Барысевіч (tut.by), Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову („Белсат”) і запатрабавалі іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты.

Праваабарончыя арганізацыі выступілі 24 лістапада з сумеснай заявай, у якой адзначаюць, што на працягу апошніх дзён улады затрымалі і адправілі ў следчыя ізалятары трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Карэспандэнтка партала tut.by Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медыцынскай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч. 3 арт. 178 КК). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві загінулага алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.

Карэспандэнткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля жывога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на „плошчы Перамен” у Мінску 15 лістапада.

„У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем, што пераслед журналістак з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека — свабоды выказвання свайго меркавання, свабоды слова і права на інфармацыю”, — гаворыцца ў заяве.

У гэтым кантэксце праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі адвольным і палітычна матываваным, а саміх журналістак палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Дапаможніка па вызначэнні паняцця „палітычны вязень”.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовой і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх, а таксама неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, „Ініцыятыва FORB”, ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Такім чынам, паводле звестак праваабаронцаў, на 24 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 143 чалавекі.

belapan.by