Праваабаронцы прызналі палітзняволеным Максіма Паўлюшчыка



Праваабаронцы прызналі палітзняволеным Максіма Паўлюшчыка. Яго 27 лістапада пачалі судзіць за надпіс на народным мемарыяле Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня падчас пратэстаў.

„Напісанне на асфальце надпісу „Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства. Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены (месца забойства супрацоўнікамі міліцыі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага), у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, што адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выказванне меркавання на гэтыя грамадска значныя тэмы”, — гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый, якія запатрабавалі неадкладнага вызвалення Паўлюшчыка.

26-гадовы Максім Паўлюшчык, а таксама 25-гадовая Марыя Бабовіч, раней ужо прызнаная праваабаронцамі палітзняволенай, абвінавачваюцца ў хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК, максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на шэсць гадоў) і наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці, учыненых агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 218 КК, максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на 10 гадоў). Абодва абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Крымінальную справу разглядае суд Фрунзенскага раёна Мінска.

Бабовіч і Паўлюшчык 9 верасня спрабавалі аднавіць мемарыял Тарайкоўскаму. Яны напісалі фарбай на асфальце ля станцыі метро „Пушкінская” кожны па некалькі літар з фразы „Не забудзем”.

Раней паведамлялася, што разам з Бабовіч быў затрыманы 42-гадовы Дзяніс Граханаў, якога затым прызналі палітзняволеным.

У спісе палітзняволеных цяпер 145 чалавек.

belapan.by

Фота spring96.org