Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ двух чалавек
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек — дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і юрыста гэтай арганізацыі Алега Граблеўскага. Адпаведная заява апублікаваная на праваабарончым сайце spring96.org.
Такім чынам, колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася да 228.
Пра затрыманне Драздоўскага і Граблеўскага стала вядома 3 лютага. Граблеўскі, адзначылі праваабаронцы, з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны. Драздоўскі — таксама ў статусе падазраванага — змешчаны пад хатні арышт з забаронай на выкарыстанне сродкаў сувязі. Іх адвакаты далі падпіскі пра неразгалошванне, з прычыны чаго няма інфармацыі пра абставіны справы, затрымання і ўтрымання пад вартай.
„2 лютага прадстаўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю былі паўторна пасля допыту 21 студзеня выкліканыя ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК), дзе, паводле іх заявы, на працягу 7 гадзін цярпелі жорсткае і зняважлівае абыходжанне, — звярнулі ўвагу праваабаронцы. — Абставіны падобнага абыходжання былі апублічаныя прадстаўнікамі Офіса ў сродках масавай інфармацыі пасля знаходжання ў ДФР КДК, пасля чаго на наступны дзень яны былі затрыманыя”.
„Праверка службовых асоб арганізацыі была звязаная, паводле інфармацыі ДФР КДК, з магчымым неправамерным завалоданнем грашовымі сродкамі, атрыманымі ёю ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі з мэтай аказання прававой дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь з інваліднасцю”, — гаворыцца ў заяве.
У дакуменце падкрэсліваецца, што са жніўня 2020 года за праваабарончую дзейнасць у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца прадстаўнікі праваабарончага цэнтра „Вясна” — Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Акрамя таго, многія праваабаронцы „зазнавалі адміністрацыйны пераслед”.
„Пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў заяве беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, адзначаем наступнае: на арганізацыі грамадзянскай супольнасці працягваецца беспрэцэдэнтны націск за прафесійную дзейнасць у сферы абароны правоў чалавека, — адзначылі аўтары заявы. — Гэтыя дзеянні груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, удзельнікам якіх з’яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб’яднанняў”.
Яны перакананыя, што пераслед і націск за законную праваабарончую дзейнасць, за аказанне бязвыплатнай прававой дапамогі грамадзянам „з’яўляецца абсалютна недапушчальным і непрымальным”.
Зыходзячы з гэтага, праваабаронцы лічаць пераслед Граблеўскага і Драздоўскага з боку ўладаў „палітычна матываваным, накіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх палітычнымі вязнямі”.
Яны запатрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю з-пад варты, а таксама спынення іх крымінальнага пераследу. Акрамя таго, яны настойваюць на спыненні пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў Беларусі, прыцягнення да крымінальнай адказнасці праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці „ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека”.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі; спыніць умяшанне, неабгрунтаванае і празмернае выкарыстанне праверак і іншых сродкаў кантролю за дзейнасцю арганізацый грамадзянскай супольнасці, выкарыстанне сілавых метадаў у ходзе праверак, перашкаджаць рэалізацыі іх права на доступ да фінансавання.
Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), „Х’юман Канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, „Ініцыятыва FORB”, „Прававая ініцыятыва”, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”.