Праваабаронцы прызналі Васіля Логвінава палітвязнем



 Беларускія праваабаронцы прызналі Васіля Логвінава, які знаходзіцца ў СІЗА, палітвязнем. Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася да 477.

Як адзначаецца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый, згодна з выстаўленым абвінавачаннем, Логвінаў разам з іншымі грамадзянамі 7 мая 2021 года нанёс малюнак „дыджэяў Перамен” на трансфарматарную будку на так званай „плошчы Перамен” у Менску. Такім чынам, на думку следства, Логвінаў здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеянні, учыненыя групай асоб, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выказваюць відавочную непавагу да грамадства і адрозніваюцца выключным цынізмам.

14 мая Васіль Логвінаў быў затрыманы і на гэты момант знаходзіцца пад вартай у СІЗА Жодзіна. Праваабаронцам таксама вядома, што да свайго затрымання ён з`яўляўся падазраваным паводле арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

„Сутнасць дзеянняў — змест нанесенага малюнка, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд. Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад`яўленымі абвінавачаннямі”, — адзначаюць праваабаронцы.

На іх думку, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства. „У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Васіля Логвінава палітычна матываваным, а самога Васіля Логвінава палітычным зняволеным”, — гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі дзевяць арганізацый: пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”; РГА „Прававая ініцыятыва”; Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend; Беларускі дакументацыйны цэнтр; РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”; Ініцыятыва FORB; Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; Беларускі ПЭН-цэнтр; Беларуская асацыяцыя журналістаў.

belapan.by

Фота: spring96.org