Праваабаронцы прызналі журналіста Дзяніса Івашына палітвязнем
Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын, які займаецца расследаваннямі, прызнаны палітвязнем, гаворыцца ў прынятай 24 сакавіка супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый.
У Беларусі Івашын супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты „Новы Час”. Апошні яго матэрыял для гэтага выдання быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі спецпадраздзялення „Беркут” паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама Івашын з’яўляецца карэспандэнтам і рэдактарам беларускай службы міжнароднага сайта InformNapalm.
Журналіст быў затрыманы вечарам 12 сакавіка ў сваёй гарадзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікамі былі праведзеныя вобшукі ў кватэры Івашына, дома ў яго маці, а 15 сакавіка адбыўся вобшук у 95-гадовай бабулі журналіста.
У дачыненні да Івашына была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.
19 сакавіка журналісту выставілі абвінавачанне па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса, нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць, што дзейнасць Дзяніса Івашына ў рамках журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецпадраздзялення ўкраінскай міліцыі „Беркут” у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) пераследавала легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая ўяўляе сацыяльную значнасць.
Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц.
Як адзначаюць праваабаронцы са спасылкай на заўвагі Камітэта ААН па правах чалавека, дзяржавам-удзельніцам неабходна вельмі старанна падыходзіць да забеспячэння строгага выканання патрабаванняў пункта 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у працэсе распрацоўкі і прымянення законаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю або іншых сфер.
„Напрыклад, парушэнне пункта 3 уяўляе сабой спасылкі на такія законы, з тым каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая ўяўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама каб пераследаваць журналістаў, даследчыкаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Такім чынам, на думку праваабаронцаў, гэтыя дзеянні з’яўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюджвання інфармацыі, трапляюць пад абарону артыкула 19 МПГПП і іх нельга кваліфікаваць як „уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці”.
У гэтым кантэксце праваабаронцы лічаць утрыманне пад вартай Дзяніса Івашына палітычна матываваным, а яго самога палітвязнем.
Дакумент падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў; РГА „Прававая ініцыятыва”; Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend; Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”.
Такім чынам, колькасць палітвязняў у краіне вырасла да 299.