Праваабаронцы: Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся пасля адмены санкцый ЕЗ
Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся пасля адмены санкцый Еўрасаюза. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 3 мая дакладзе нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco.
Даклад падрыхтаваны на аснове аналізу маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які праводзіць закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”, і прымеркаваны да 100-дзённага тэрміну зняцця санкцый ЕС.
Аналіз паказвае, што «краіна ўсё яшчэ далёкая ад вяршэнства права і павагі да правоў чалавека», адзначаецца ў дакладзе. «Рэпрэсіі сталі менш прыкметныя, але ў нейкім дачыненні націск на грамадзянскую супольнасць узмацніўся, — гаворыцца ў дакуменце. — Становішча ў галіне правоў чалавека не палепшылася, а ў некаторых выпадках фактычна пагоршылася ў параўнанні з 2015 годам».
Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі рэзка ўзрасло выкарыстанне штрафаў як пакарання за ўдзел у акцыях пратэсту замест кароткатэрміновых пазбаўленняў волі. Акрамя таго, за 100 дзён з моманту зняцця санкцый павялічылася колькасць смяротных прысудаў і іх выканання. У дакладзе адзначаецца, што за даследаваны перыяд іх было больш, чым за ўвесь 2015 год.
«Нягледзячы на гэта, беларускім уладам удалося стварыць менш рэпрэсіўны і больш прымальны міжнароднай супольнасцю імідж, — падкрэсліваюць праваабаронцы. — І галасаванне па мандаце спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі, якое мае адбыцца, можа праілюстраваць поспех рэжыму Лукашэнкі, калі краіны — члены ААН палічаць непатрэбным працягнуць пастаянны маніторынг за сітуацыяй».