Актывісты шукаюць сведкаў сачэння за машынай Маісея Мазько
Берасцейскі сябра ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода Маісей Мазько працягвае знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця. 2 красавіка пры вобшуке супрацоўнікамі ДАІ ягонага аўто знайшлі рэчы, падобныя да боепрыпасаў. Паводле праваабаронцаў, у ізалятары Маісей мусіць прабыць цягам трох дзён ад моманту затрымання. „Далейшы яго лёс залежыць ад працэсуальных рашэнняў”, – паведамляе праваабаронца Раман Кісляк, які сочыць за сітуацыяй:
– Канешне, сям’я ў шоку, і з-за такога затрымання, і з-за таго, што падкінулі. Але ён трымаецца. І сам Маісей Сцяпанавіч, і жонка, і сыны. Рэчавыя доказы накіраваны на экспертызу, і пасля таго, як будзе праведзена экспертыза, ці з’яўляюцца гэтыя рэчы выбухоўкай, запалам, набоямі, пасля гэтага будзе прынята далейшае рашэнне. І ў тым ліку вызначыцца мера стрымання.
Тым часам, самі актывісты шукаюць асобаў, якія былі ў манастыры ў Берасцейскай крэпасці на аўтамабілі 31 сакавіка, 1 і 2 красавіка. Іх цікавяць відэазапісы рэгістратараў аўто. Асаблівую ўвагу просяць звярнуць на Nissan Qashqai і трох мужчын, якія знаходзіліся, уваходзілі альбо выходзілі з гэтага аўто. Меркавана, асобы з нісана сачылі за аўтамабілем Маісея Мазько. Хто мае такую інфармацыю, просяць накіроўваць яе на электронную пошту: [email protected].
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце