Праваабаронцы судзяцца з бярозаўскімі ўладамі



У судзе Бярозаўскага раёна прайшло друговае пасяджэнне па позве праваабаронцаў да мясцовага раённага выканаўчага камітэта.

Суд

Праваабаронцы просяць прызнаць адмову ў правядзенні пікета 10 снежня – ў Міжнародны дзень абароны правоў чалавека – неабгрунтаванай.

На думку праваабаронцаў здавалася б простая справа чамусьці зацягваецца, кажа адзін з заяўнікаў пікета праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Даволі шмат часу траціцца на спрэчкі, калі там той ліст яны адпраўлялі, калі не адпраўлялі. Мы маем канкрэтны факт на паштовым штэмпеле, калі ліст быў адпраўлены з пошты, і калі ён прыйшоў да адрасата. Таксама, калі згодна з другой часткай закона спартовае мерапрыемства, якое праводзіцца ў спецыяльна прызначаных для гэтага памяшканнях, альбо на адкрытым паветры, яно не падпадае пад вызначэнне масавае мерапрыемства, таму не магло быць прычынай для забароны нашага пікета, паколькі яно не было другім масавым мерапрыемствам.

Суд працягнецца 28 студзеня а 15 гадзіне. Паводле праваабаронцаў, расцягнутыя судовыя пасяджэнні паказваюць на тое, што аб’ектыўнага рашэння прынята не будзе.

Нагадаем, што ў пікеце каля брамы стадыёна праваабаронцам было адмоўлена па прычыне правядзення спартовага мерапрыемства з наяўнасцю гледачоў. Але 10 снежня стадыён быў пусты і, па словах работніцы стадыёна, нічога ў гэты дзень не планавалася.

Беларускае Радыё Рацыя