Праваабаронцы – супраць смяротнага пакарання!
10 кастрычніка ў краіне завяршаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Ён праводзіўся ў рамках дзеючай з 2009 кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на пастсавецкай прасторы, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. Як і ў сталінскія часы, у грамадзян адбіраюць жыццё ад імя дзяржавы.
У менскай „Арт-сядзібе” з нагоды адбылася прэс-канферэнцыя арганізатараў з праваабарончага цэнтра “Вясна”. У яе хадзе была прэзентаваная амаль 300-старонкавае выданне з фотаілюстрацыямі пад назвай “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.
Старшыня праваабарончага цэнтра “Вясна”, аўтар прадмовы Алесь Бяляцкі:
– Чытаў кнігу цягам 2 дзён і “даў нырца” ў яе так, што цяжка было вынырнуць! Імёны, прозвішчы расстраляных паўтараюцца дзясяткі разоў, але з розных бакоў. У афіцыйных паперах, сведчаннях родных і сваякоў, ва ўспамінах знаёмых ці супрацоўнікаў ведамства таго ж Алкаева. Гэта такі танец смерці, які робіцца на адным месцы. Кніга мае магічнае ўздзеянне. Дарэчы, дакументальная проза нашага “Нобеля” Святланы Алексеевіч па духу і форме нагадвае гэту кнігу. Менавіта ў творчасці Святланы, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча мы бачым той самы гуманізм, які пярэчыць існуючаму разуменню сутнасці смяротнага пакарання. Кніга і з’яўляецца яшчэ адным доказам і фактычным дакументам разумення яго несправядлівасці і што яго не павінна быць у Беларусі. Мяне найбольш уразіла інтэрв’ю з Алкаевым. Кожным разам гэты дзядзька дастае са спратаў сваёй памяці штосьці новае. Асабліва ўразілі расповеды пра выпадкі, як людзі спрабавалі пазбегнуць поўнага зыходу ў нябыт без імя. Калі пасля расстрэлу пахаваюць і канцоў ніхто не знойдзе. Яны самі спрабавалі – удала, няўдала – падвесці рахункі свайму жыццю. У адной камеры на адной вяроўцы павесіліся удвох перад выкананнем прысуду, каб іх цела аддалі сваякам…
Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла:
– Чаму рэжым хапаецца ўсё-ткі за гэту меру пакарання?! Хачу нагадаць лёсы усім вядомых зніклых палітыкаў і журналістаў. Дзяржава ў іх адносінах здзейсніла пазасудовае забойства! І смяротнае пакаранне тут як апраўданне! Былы міністр МУС Сівакоў паслаў небезвядомага Паўлючэнку да Алкаева, каб той дазволіў прысутнічаць пры выкананні прысуду. Каб яму была вядомая сама працэдура. Для чаго і быў узяты “афіцыйны” пісталет, з якога расстрэльвалі прыгавораных да выключнай меры пакарання. Ён і быў выкарыстаны ў тыя дні, калі здарыліся “знікненні”.
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч:
РР: Ці ёсць прыклады, калі ў дыктатарскіх краінах было адмененае смяротнае пакаранне і пад якім-чыім уплывам? І ці могуць быць знешнепрымусовыя ўмовы для гэтага ў Беларусі?
– Ніхто не можа нікога прымусіць – міжнароднае права так не працуе. Дзяржава ды эліты самі бяруць на сябе абавязацельствы і выконваюць. Чаго, узяўшы, не робіць лукашэнкаўская Беларусь. Прыклады, якіх патрабуеце? Жорсткія дыктатарскія рэжымы ва Узбекістане, Таджыкістане адмянілі смяротнае пакаранне. Як і хунты ў Паўднёвай Амерыцы ў 70-80 гадах. Іншая справа, там былі масавыя пазасудовыя забойствы. Яны мо пераследавалі і атрымалі пэўныя выгоды і прэферэнцыі за гэта. Як спрытнюга Керымаў зрабіў такую хітрую хаду пасля масавых расстрэлаў у Андзіжане. Але, натуральна, дыктатары не сталі гуманістамі. Можна вызначыць другую тэндэнцыю. Калі рэжымы мяняюцца па тых ці іншых прычынах ці мімікрыруюць, яны самі адмяняюць смяротнае пакаранне. У Беларусі акурат можа быць такі варыянт. З аднаго боку, Лукашэнка палітык-папуліст, што вельмі адчувае настрой грамадства. А на сённяшні дзень большасць падтрымлівае смяротнае пакаранне. Таму яго адмена станецца непапулярным крокам і ў вачах электарату пэўнай “слабасцю”. Як ён казаў па справе Грунова, калі па ТБ выступаў з генпракурорам пасля адмены прысуду Вярхоўным Судом: “Народ же нас не поймёт!” Філасофскае пытанне – ці трэба рабіць уладам заўсёды што хоча народ? Калі глядзець лагічна, расстрэлы не рэгулююць ўзровень злачыннасці. У 90-х у нас забойстваў было значна больш, хоць пад паўсотні расстрэлаў штогод. Зараз у свеце назіраецца тэндэнцыя да змяншэння цяжкіх злачынстваў. Адзін піцерскі навукоўца зазначыў, што прычыны, па вялікім рахунку, вызначыць немагчыма. Хоць Лукашэнка, як і большасць, думае што смерць – стрымліваючы фактар. А гэта не так! І ў Еўропе эліты бралі адказнасць за іх адмену на сабе, бо больш адукаваныя і разумныя. Не выключаю, што і з Беларуссю можа быць тое самае. Хоць з іншых прычын…
На прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі чэшскай ды брытанскай амбасадаў, што ўваходзяць у рабочую групу міжнароднай Кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Былі падведзеныя вынікі чарговай кампаніі подпісаў пад петыцыяй за адмену смяротнага пакарання. Дарэчы, адной з першых падпісантак была сённяшні нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексеевіч.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара