Праваабаронцы: у Беларусі за апошнія суткі затрыманы як мінімум трое дактароў



Праваабаронцы паведамляюць аб затрыманні ў Беларусі як мінімум трох урачоў за апошнія суткі.

Паводле інфармацыі сайта spring96.org, раніцай 4 траўня ў Менску быў затрыманы адзін з лепшых сківічных хірургаў краіны Андрэй Любецкі. Ён 18 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Менска. Адзначаецца, што тыдзень таму яго жонка Наталля Любецкая з чатырма дзецьмі з’ехала з Беларусі. Жанчына фігуравала ў адным з фільмаў дзяржаўнага тэлебачання, дзе яе абвінавацілі ў перадачы нейкіх дакументаў экс-алмазаўцу Ігару Макару.

Са спасылкай на тэлеграм-канал „Белыя халаты” праваабаронцы таксама паведамляюць пра затрыманне ў сталіцы стаматолага-хірурга Станіслава Сапуна. „Ён выйшаў на вуліцу з дзіцем, а праз пару хвілін вярнуўся дадому з натоўпам невядомых, аддаў жонцы дзіця, і яго павезлі. Паведамляюць, што цяпер лекар знаходзіцца на Акрэсціна, у чым яго абвінавачваюць — невядома”, — піша spring96.org.

У Барысаве 3 траўня быў затрыманы ўрач-неўролаг Аляксандр Цялега. Паведамляецца, што яго ноччу збілі і павезлі ў ІЧУ ў Гародні. „У Барысаве гэтага лекара ўсе ведаюць. Можа ў Гародні хто-небудзь у СІЗА зможа перадаць яму цёплыя рэчы. Павезлі лекара літаральна ў ніжняй бялізне. Там з 8.00 да 17.00 перадачы па аўторках і пятніцах”, — цытуюць праваабаронцы ТГ-канал „Белыя халаты”.

Пераслед нязгодных з дзейнай уладай медработнікаў у Беларусі пачаўся адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года. Тады ўрачы найбуйнейшых бальніц і навукова-практычных цэнтраў выходзілі ў вольны ад працы час у ланцугі салідарнасці з палітвязнямі і супраць гвалту сілавікоў. За гэта некаторых з іх звальнялі, затрымлівалі і арыштоўвалі на суткі ці штрафавалі.

Адным з першых рэзанансных выпадкаў стала звальненне ў канцы жніўня дырэктара РНПЦ „Кардыялогія” акадэміка Аляксандра Мрочака, які кіраваў цэнтрам з 2008 года. Звальненне Мрочака адбылося пасля таго, як пасля сілавых разгонаў акцый пратэсту супрацоўнікі РНПЦ „Кардыялогія” ў свой непрацоўны час актыўна выходзілі на акцыі супраць гвалту, падтрымлівалі затрыманага анестэзіёлага-рэаніматолага цэнтра Алега Чарнавокага — стаялі з яго партрэтамі ў ланцугу салідарнасці. Пасля гэтага невядомыя падпалілі лецішча Мрочака.

За актыўную грамадзянскую пазіцыю і выказванні ў сацсетках дзіцячаму рэаніматолагу Андрэю Вітушку ў сярэдзіне снежня не працягнулі кантракт у РНПЦ „Маці і дзіця”, траўматолагу-артапеду Рустаму Айзатуліну — з 1 студзеня гэтага года ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

У Віцебскай БХМД з загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімірам Мартавым не працягнулі працоўны кантракт — „у сувязі са сканчэннем тэрміну яго дзеяння” (3 красавіка). Раней менавіта Мартаў паведаміў СМІ аб праблеме з падачай кіслароду ў бальніцы: ён не паступаў у патрэбным аб’ёме пацыентам, якія знаходзіліся на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на прынятыя меры, праблему вырашыць не атрымалася, і, паводле слоў урача, яе „спускалі на тармазах”, забаранялася нават абмяркоўваць.

8 красавіка з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі звольнілі ўрача функцыянальнай дыягностыкі Руслана Бадамшына. Прычынай для звальнення паслужыла тое, што пасля выхаду з Жодзінскага СІЗА, дзе ён адбываў суткі, доктар прыйшоў на працу ў Менску на дзве гадзіны пазней. Са жніўня 2020 года Бадамшын правёў пад арыштам 63 дні. Апошні раз яго затрымалі 24 сакавіка, калі ён выйшаў з дому на працу, склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства і адправілі на 15 сутак.

Без тлумачэння прычын з 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска з чэрвеня звальняюць галоўнага ўрача, анестэзіёлага-рэўматолага Максіма Ачарэтняга. Менавіта ён узяў на працу Айзатуліна і Вітушку.

Акрамя таго, у розны час і ў розных рэгіёнах свае працоўныя месцы вымушаныя былі пакінуць дзясяткі іншых медыцынскіх спецыялістаў.

belapan.by