Праваабаронцы: У месцах зняволення ў Беларусі выкарыстоўваюць катаванні
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў аналітычнае даследванне “Справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Рэспубліцы Беларусь”.
Справаздача была падрыхтаваная праваабаронцамі ў супрацоўніцтве з экспертам, юрыстам Паўлам Сапелкам.
Кажа Павел Сапелка:
– Па выніках маніторынга прыйшлі да высновы, што ў месцах несвабоды ў Беларусі выкарыстоўваюцца катаванні, а таксама жорсткае, прыніжаючае стаўленне, выпадкі такога стаўлення не расследуюцца аб’ектыўнай і незалежнай інстанцыяй. Акрамя калоній і турмаў, у Беларусі існуе шмат установаў, знаходжанне ў якіх можа быць прыраўнена да месцаў пазбаўлення волі.
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што ўлады ўсяляк ухіляецца ад дазволу на кантроль сітуацыі грамадскасці. Не створаны і каторы год абяцаны інстытут амбудсмэна.
– Павінна быць сістэма на нацыянальным узроўні выбудавана і магчымасць такога грамадскага кантролю. Напрыклад, той жа інтытут амбудсмена ці ўпаўнаважанага па правах чалавека, у паўнамоцтвах якога была бы магчымасць наведвання ўсіх месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў, пачынаючы ад раённых аддзяленняў унутраных справаў, заканчваючы калоніяй – у любы час сутак.
Акрамя забеспячэння грамадскага кантролю, праваабаронцы заклікаюць улады ліквідаваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, забяспечыць права зняволеных на юрыдычную дапамогу, ліквідаваць інстытут лячэбна-працоўных прафілакторыяў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org