Праваабаронцы: У студзені было затрымана не менш за 873 чалавекі
Беларускія ўлады працягваюць актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах, гаворыцца ў аглядзе па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за студзень 2021 года, падрыхтаваным пазбаўленым дзяржрэгістрацыі праваабарончым цэнтрам „Вясна”.
„У месцах несвабоды знаходзяцца 220 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца, — адзначаецца ў аглядзе. — Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы ў выбарчы і поствыбарчы перыяд, склала больш за 1.000 чалавек, пры гэтым ПЦ „Вясна” вядомыя прозвішчы больш за 770 фігурантаў”.
Праваабаронцы канстатуюць, што ўлады працягвалі практыку затрымання ўдзельнікаў мірных дэманстрацый пратэсту і прымянення гвалту ў дачыненні да іх.
„Агульная колькасць грамадзян, затрыманых за ўдзел у сходах на працягу месяца, склала не менш за 873 чалавекі, — гаворыцца ў аглядзе. — Вядома пра 489 прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у сходах, з іх 304 чалавекі былі арыштаваныя, 137 падвергнутыя штрафам”.
Асаблівую занепакоенасць, падкрэсліваецца ў дакуменце, выклікаюць факты пераследу грамадзян за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці і праваабаронцаў. Так, на працягу месяца былі затрыманыя і ўзятыя пад варту кіраўнік і валанцёр гомельскага абласнога аддзялення ПЦ „Вясна” Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а таксама журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Акрамя таго, у дачыненні да прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі „Офіс па правах людзей з інваліднасцю” была пачатая праверка ДФР КДК.
У аглядзе таксама адзначаецца, што 15 студзеня Менскі абласны суд паўторна прыгаварыў да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка, які прызнаны вінаватым у забойстве двух мужчын 79 і 94 гадоў, а таксама замаху на забойства 85-гадовай жанчыны ў студзені 2019 года.
„Смяротны прысуд быў вынесены на фоне заяваў некаторых службовых асобаў аб магчымай адмене смяротнага пакарання шляхам унясення адпаведных змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў аглядзе. — Пры гэтым А.Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя кіраўнікі краіны ніяк не каментавалі магчымасць хуткай адмены смяротнага пакарання, што абцяжарвае ацэнку рэальнасці дадзенага кроку з боку ўладаў Беларусі”.
У цэлым праваабаронцы адзначаюць „працяг узмацнення рэпрэсій і яшчэ большае пагаршэнне крызісу правоў чалавека ў краіне”. „Цягам месяца намеціліся тэндэнцыі да яшчэ большага пагаршэння сітуацыі ў сувязі з магчымым унясеннем змяненняў у Крымінальны кодэкс, прызнаннем экстрэмісцкім сімвала пратэсту — беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга і іншымі дзеяннямі ўладаў”, — гаворыцца ў аглядзе.