Праваабаронцы: Утварэнне выбарчых камісій праходзіла фармальна



Утварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій на мясцовых выбарах праходзіла даволі фармальна. Да такой высновы прыйшлі назіральнікі ў межах кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якую традыцыйна арганізуюць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб`яднанне „Беларускі хельсінкскі камітэт”.

Справаздача па выніках фарміравання выбарчых камісій размешчаная на сайце spring96.org.

Як адзначаецца ў справаздачы, двойчы прадстаўнікамі кампаніі былі адзначаныя выпадкі галасавання за ўжо загадзя складзеныя спісы членаў камісій.

Назіральнікі адзначаюць, што, як і падчас папярэдніх мясцовых выбараў у 2014 годзе, адной з сур`ёзных перашкодаў пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій ад палітычных партый і грамадскіх аб`яднанняў з`яўляецца адпаведная норма Выбарчага кодэкса, якая прадугледжвае магчымасць вылучэння прэтэндэнтаў толькі ад арганізацыйных структур, зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік на абласным, раённым і гарадскім узроўнях.

Як сцвярджаюць праваабаронцы, вылучэнне ў склад камісій адбывалася ва ўмовах абмежаванай інфармаванасці выбаршчыкаў, паколькі адпаведнай пастановай ЦВК не была прадугледжаная неабходнасць інфармавання выбаршчыкаў аб часе і месцы правядзення пасяджэнняў органаў, якія фарміравалі гарадскія, пасялковыя і сельскія выбарчыя камісіі.

Назіральнікі падкрэсліваюць, што колькасць кандыдатаў, вылучаных у склад тэрытарыяльных камісій ад усіх зарэгістраваных у краіне палітычных партый, склала 161 чалавек (1,4% ад агульнай колькасці вылучаных), што прыкладна супадае з такой жа колькасцю вылучаных партыямі падчас папярэдніх мясцовых выбараў 2014 года. „Гэтая сталая тэндэнцыя адлюстроўвае нізкую ролю палітычных партый у выбарчых працэсах краіны ў цэлым. Агулам у склад створаных камісій увайшлі 125 прадстаўнікоў партый (1,2% ад колькасці усіх членаў камісій)”, — адзначаецца ў справаздачы.

Як і раней, асноўнымі суб`ектамі, якія вылучалі прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, былі грамадскія аб`яднанні (4 тыс. 101 чалавек, або 36,7% ад вылучаных і 37,9% ад агульнай колькасці членаў) і грамадзяне (5 тыс. 732 чалавекі, або 51,3% ад вылучаных і 50,3% ад агульнай колькасці членаў камісій). „Пяць найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб`яднанняў (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб`яднанне ветэранаў і ФПБ) разам вылучылі 3 тыс. 780 чалавек (33,8 % ад вылучаных)”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Традыцыйна нізкай, заўважылі аўтары, застаецца колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе тэрытарыяльных выбарчых камісій. Чатыры апазіцыйныя партыі („Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), АГП і Партыя БНФ) вылучылі 34 чалавекі (0,3% ад агульнай колькасці вылучаных). З іх толькі 7 былі ўключаныя ў склад камісій (0,067% ад агульнай колькасці членаў камісій). Такім чынам, у склад камісій былі ўключаныя толькі 20,6% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі. „Да прыкладу, колькасць членаў тэрытарыяльных выбарчых камісій ад вылучаных пяццю праўладнымі і грамадскімі арганізацыямі склала 3 тыс. 780 чалавек (97,3% ад вылучаных імі), а ад пяці праўладных палітычных партый (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, КПБ, ЛДП, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды) — 92,9% ад вылучаных імі. Традыцыйна дыскрымінацыйныя падыходы органаў, якія фарміруюць выбарчыя камісіі, да вылучэнцаў ад апазіцыйных партый засталіся без зменаў”, — адзначаецца ў справаздачы. БелаПАН