Праваабаронцы якіх няма



Правабаронцы, якіх няма – так беларуская ўлада, паводле Алеся Бяляцкага надалей ставіцца да праваабарончага цэнтра «Вясна», які ён ачольвае. Пра гэта сведчаць апошні факт, калі ў Менску міжнародная канферэнцыя аб праблемах смяротнага пакарання прайшла без «Вясны», арганізацыі, якая найбольш займаецца ў Беларусі гэтай тэмай.

„Нас надалей дзеляць” – заўважае праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі:

— Выключэнне праваабарончага цэнтру «Вясна» з абсягу гэтай канферэнцыі значыць, што пэўныя структуры, прынамсі ААН, якая працуе ў нас, пагаджаюцца з афіцыйнай пазіцыяй уладаў Беларусі, якая дзеліць беларускіх праваабаронцаў на два лагеры: тых, што існуюць закона і тых, якіх нібыта няма ў прыродзе. І мы адносімся да той, другой, катэгорыі.

Паводле афіцыйнай версіі беларускага МЗС „Вясну” не запрасілі на міжнародную канферэнцыю з удзелам еўрапейскіх палітыкаў, бо гэтая арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі. А выпадак гэты не першы – удакладняе намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч:

— Калі нашу арганізацыю не запрашалі на міжнародныя канферэнцыі, у якіх прымала ўдзел у той ці іншай якасці Міністэрства замежных спраў Беларусі і не толькі з ААН, але з Рады Еўропы, уся гэтая сітуацыя з канферэнцыяй яшчэ раз яскрава прадэманстравала і ўзняла праблему адсутнасці рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» і не толькі, а ў прынцыпе праблему рэалізацыі свабодных асацыяцыяў ў нашай краіне.   

Па выніках канферэнцыі інцыдэнт пракаментавала і іншая намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Равяка. У Фэйсбуку яна напісала, што міжнародную канферэнцыю аб праблемах смяротнага пакарання «Преодоление разногласий» хутчэй варта назваць «Разделяй и властвуй», бо «калі мы самі будзем пагаджацца з тым, што нас дзеляць на „добрых” і „кепскіх”, „зарэгістраваных” і „незарэгістраваных” далейшыя падзелы, маніпуляцыі і аслабленне будуць толькі паглыбляцца» канец цытаты.

raviaka

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя